Віктар Жыбуль
чалавек як чалавек
спыніцца памоліцца
прывітае ўсіх калек
пацалуе школьніцу
чалавек як чалавек
ногі кучаравыя
супакоіць плыні рэк
пачастуе каваю
з барадатай пад руку
па бульвары пройдзецца
зграе Баха на свістку
на катку пракоціцца
чалавек-агонь-гара
скрывіцца паваліцца
закрычыць ура ура
памахае паліцай
чалавек як чалавек
помніку паклоніцца
з-пад рудых яго павек
звонка скача коньніца
чалавек як чалавек
даражыць дзяржаваю
збудаваў сабе каўчэг
па патопе плавае
чалавек як чалавек
подзьвігамі славіцца
і за гэта ім спрадвек
КДБ цікавіцца
КДБ як КДБ
зь мячыкам гуляецца
Робін Бобін Марабэк
побач не валяецца
Я – пасажыр. Я еду без квітка
у цягніку, набітым кантралёрамі.
Я ні за што ня зьлезу зь цягніка.
Я страціў сорам. Мне даўно ня сорамна.
А за вакном разгортваецца шыр
і вецер захлынаецца прасторамі.
Напэўна, я адзіны пасажыр
у цягніку, набітым кантралёрамі.
Я хачу, каб мяне кланавалі
на пустым хірургічным стале,
каб парэзалі, прэпаравалі,
каб па слоіках кроў разьлівалі –
абы толькі мяне кланавалі!
Я адзін, і мне мала мяне!
Ну чаму ж у людзей з нараджэньня
адзін зрок,
адзін нюх,
адзін слых?
Дзе ўвесь кайф? Дзе свабода памкненьняў?
Дзе імпэт для вялікіх зьдзяйсьненьняў?
Я хачу для сябе запасных!
Як абрыдла бясплённа мне мроіць –
хутка я ўжо змарнею ў журбе!
Як хачу я падвоіць, патроіць,
я хачу разьмільёніць сябе –
каб я здолеў спасьцігнуць сьвет цэлы
і каб высмактаў космас да дна,
каб было ў мяне некалькі целаў –
целаў некалькі,
а сьвядомасьць – адна!
Я хачу, каб мяне чвартавалі,
узялі – пакрышылі ў булён,
абы толькі мяне кланавалі,
каб мяне быў мільён + мільён!
Пакладзеце мяне на кавадла!
Куйце, куйце мяне, кавалі!
Дактары, ну няўжо вам у падлу
зьдзейсьніць подзьвіг, прыдбаць мэдалі?
Рэжце! Зычу вам так пастарацца,
каб з душой адно цела адно
уставала штодня – і на працу,
а другое – хадзіла ў кіно,
цела трэцяе – гнала Пэгаса,
а чацьвёртае – ела грыбы,
каб заўсёды ў адной кропцы часу
ў дзевятнаццаці месцах я быў.
Калі-небудзь, такі шматаблічны,
станчу я карагод экзатычны
на вясёлым буйным карнавале.
А пакуль што зьвіню я ў набат.
Я хачу, каб мяне кланавалі!!!
Гэта ж клёва, калі мяне шмат!
Я хачу, каб мяне кланавалі
На экспэрымэнтальным стале!
У мяне ёсьць і куля ў ствале,
і вяроўка ў глыбокім падвале.
Накладу на сябе я руку –
хай дзесяткі мяне загнуцца.
Я павешу сябе на суку,
але сотні мяне застануцца.
Я хачу, каб мяне кланавалі
ды пусьцілі па сьвеце гуляць.
Анамальней за ўсе анамаліі
буду сутнасьць сваю выяўляць.
Няма нагодаў для прыгодаў.
Сяджу, палю... У сэрцы – нож.
Згубіўшы боты-скараходы,
выходжу басанож пад дождж.
Мне абсалютна нецікава
ўвесь дзень бадзяцца пад дажджом.
Калі б ня дождж ішоў, а кава,
ці піва, ці хаця б баржом!
Мяне дастала ўсё на сьвеце,
што бачу й чую я вакол:
і гэты дождж, і гэты вецер,
і гэты двор, і гэты кол.
Усё, усё мяне дастала!
О, дзе ты, мой дзевяты вал?
Здаецца, што людзей на сала
трымае страшны канібал.
Я сам яго аднойчы бачыў
ля дома, у якім жыву:
Ён падбіваў, нібыта мячык,
чыюсь пустую галаву.
А галава міргала вокам,
а ў воку гніла бервяно...
Наперад, людцы, сьмелым крокам!
Наперад, людцы, на гаўно!
О, як усе мяне дасталі!
Што застаецца? Нюхаць клей...
Як гаварыў таварыш Сталін,
жыць стала лепей, весялей.
І ад такой вось весялосьці
хоць стой, хоць падай, хоць падай
руку таму, хто кліча ў госьці,
а потым кажа: “You must die!”
Нясуць вампіры на талерцы
ізноў чыюсьці галаву.
А я стаю з нажом у сэрцы.
У сэрцы – нож. А я – жыву.
На правай маёй далоні
адсутнічае лінія лёсу –
ёсьць нешта так, для адмазкі.
Я іду, зрываючы маскі
адну за другой
левай нагой.
Як бы час падмануць,
як адгарнуць
кнігу жыцьця ў канцы,
каб прагледзець зьмест
і выказаць згоду альбо пратэст?
Зьбянтэжаных дум ашмоцьце
пакінула галаву маю.
Стаю я на эшафоце
і мух ад нудоты б’ю.
– Я бедны. Я сумны. Я плáчу.
Купляйце, купляйце сьлёзы мае!
Я шмат не вазьму:
пяць даляраў – сьлязінка,
а хто купіць 10 штук –
адзінаццатую атрымае бясплатна!
Купляйце кожны мой выдых!
І што з таго, што паветра
я сам удыхаю бясплатна?
Я ж кісларод удыхаю,
а выдыхаю не штосьці вам там,
а вуглякіслы газ найвышэйшае пробы!
Купляйце, купляйце! У гас-
падарцы спатрэбіцца!
Няўжо вы ня цэніце
працу лёгкіх маіх
у хвіліны, калі мне цяжка?!
Гэй, сьмялей, падыходзьце!
Вы што, ня бачыце, што галечай і нэндзай
я даведзены да адчаю
і прадаю сам сябе на органы:
ну вось пазногці (абстрыжаныя акуратна),
ну вось валасы, ну… і хопіць:
болей нічога я вам не прадам!
Бо неахвота здымаць зь сябе фрак
і бліскучыя боты.
Ах, не падыходзіце?
Ах, не купляеце?
Ну тады я на вас
падам у суд,
КАЗЛЫ !!!
Праскокаў час, і восень паласнула
мяне па горле ледзяным лязом.
Што не памерла – тое зноў паснула.
Пазычыць дыгер мне камбінэзон.
Лятуць у вырай ластаўкі й фугасы,
пазнаўшы па паходцы шум сьнягоў.
У крамах і гатэлях пахне мясам,
сякеры пахнуць потам мясьнікоў.
Спавіты горад шызам каматозам,
што туманом павіс, як прасьціна.
І дзеўчына, апранутая ў сьлёзы,
выкідваецца з чорнага акна.
Здаецца, сэрца сточаць нэматоды.
Здаецца, ад маркоты мозг згніе.
І чалавек змагаецца з прыродай –
яна яго дастала, ён – яе.
Каб дум сьвятло прарвалася скрозь аркі,
перакуліўшы сьвет на іншы лад,
агмень маёй электрагазазваркі
ускалыхне ваш нафтабэнзасклад.
У мяне застаўся рубельчык
ад заробку, што скончыўся ўчора.
Я зраблю з рубля карабельчык,
адпушчу яго ў сіняе мора.
Можа, вецер яго не спакусіць
пацярпець нечакана крушэньне?..
Паплыве ён, а я застануся
з занядбанай пустой кішэняй.
Дзяўчына цяжкіх паводзінаў,
ты ня любіш цяжкую музыку,
Дый і лёгкую ты ня слухаеш.
У вушах тваіх – ватныя кубікі.
Ты хаваесься ад брутальнасьці,
а брутальнасьць сьляды твае нюхае
І прыходзіць у сны твае сьветлыя.
Ад брутальнасьці не схаваесься!
Дзяўчына цяжкіх паводзінаў!
Ты ў аснове сваёй ідэальная.
Ты сьвяткуеш свой дзень народзінаў
адною вадой мінэральнаю.
Ты сьвяткуеш адна без кампаніі,
каб ня ўбачыў ніхто цябе п’янаю,
а сама пераходзіць зьбіраесься
зь мінэральнай на дыстыляваную.
Дзяўчына цяжкіх паводзінаў,
у цябе тры сталёвыя станікі,
у цябе тры поясы вернасьці
і ніводнага хлопца каханага.
Кожны пояс на ключ зачыняецца,
ды на ўсякі пажарны ты кінулы
ўсе ключы на дно катлаванішча,
закапала й затупала ножкамі.
Дзяўчына цяжкіх паводзінаў,
ты сумленная і працавітая,
твае ночы мінаюць бяссонныя
за падручнікам па батаніцы.
Захапленьні твае небясьпечныя,
бо раўнуе цябе, ненаглядную,
да падручніка па батаніцы
падручнік па ідэалёгіі.
Пасадзіць бы цябе, дзяўчыначка,
на цяжэзную артылерыю,
каб ты ехала і ўзначальвала
антысьнідаўскую кампанію.
Будзеш ціснуць жалезнымі коламі,
каб рабіліся людзі ляпёшкамі.
Ды ляпёшкі ўсё роўна падымуцца
і паўстануць з утроенай сілаю.
О, дзяўчына цяжкіх паводзінаў!
Мы ў палон забярэм цябе хітрасьцю,
мы прявяжам цябе да зэдліку
і прымусім глядзець парнаграфію,
каб ты ведала, каб ты бачыла,
як гірлянды лістоты фігавай
ападаюць на дол зь бессаромнасьцю,
агаляючы ўсё навакольнае.
Галава трашчыць ад перагрузу
ведамі, напханымі па вушы.
Вось. А тут яшчэ прыходзіць Муза,
шэпча: “На вярбе растуць ігрушы…”
Галава рыпіць ад перадозу,
і ня ведаеш, куды падзецца.
Муза кажа: “Станавіся ў позу”.
Станаўлюся, а яна кладзецца.
Галава гарыць ад перасьледу
нейкіх неўсьвядомленых жаданьняў…
Але Муза абувае кеды
і бяжыць кудысь на спэцзаданьне.